Ścieżkami radości i smutków dobrej, kochanej, niezapomnianej mamusi
Blog > Komentarze do wpisu
Rudzie


Рудзі — мая маленькая радзіма.
Жылі мы не ў самой вёсцы, а на хутары.

У нас не было электрычнасці, палілі керасінавую лямпу,  аднак было весела. Па вечарах прыходзілі суседзі, гулялі ў карты,  частаваліся, спявалі.

У паляводства хадзілі, з дзецьмі лён рвалі, буракі палолі… Была ў Рудзях брыгада №4 саўгаса «Авангард».
У Рудзях была канюшня,  цялятнік.
Канешне, працавалі цяжка. А калі было лёгка?

Памятаю, мы, малыя, збіраліся катацца на санках, ездзілі на лыжах, гулялі ў хованкі.

Да школы было далёка, таму зімой ездзілі на кані.
Бацькі, па чарзе, трымалі саўгаснага каня, а ездзілі ў школу мы — дзеці. Старэйшыя былі за фурманаў, пільнавалі, каб мы не згубіліся. На перапынках трэба было падаць каню сена, паглядзець, як той стаіць.

Успамінаю шмат цікавых добрых людзей.
Быў у нас пан Бялінскі, які добра валіў валёнкі,  Пані Стэфанія Шапалоўская заўсёды шчыра запрашала нас, частавала нас, дзяцей,  цукеркамі, паіла чаем з мёдам. Яна умела вельмі прыгожа вязаць рукавічкі з кветкамі. На святы часта збіраліся ў іх доме. Заўсёды было шумна і весела. Спявалі і беларускія, і польскія песні.
Грыбоў і ягад у нас было вельмі многа. Збіралі на астравах, у конскай загарадцы, у Лапінскіх ляску.

За хутарам пані Педаёвай было возерка, дзе было шмат чарніц, журавін. Аднак, там было шмат змей, таму прыходзілася быць вельмі асцярожнымі. Дапамагаў хлеб святой Агаты.

Нашыя суседзі — дом Сяўрукоў, Стацэвічаў, Канюшэўскіх. У пані Шапалоўскай, памятаю, шмат кветак было.

Лазілі на маяк. Канешне, нам забаранялася, аднак хто слухаў? Драбіны былі ўжо падгніўшыя, было небяспечна, ну і страшна таму…

У Гайды хадзілі да касцёла. У Карлы, там жыла мамы стрыечная сястра.
У Далёкія хадзілі да касцёла. У сталыя гады, мая бабуля кожную нядзелю хадзіла з палачкай, пешшу ў касцёл (семнаццаць — туды, семнаццаць — назад).  Для яе гэта не было цяжка.

Мой тата доўгі час працаваў на трактары. Вельмі адказна адносіўся да тэхнікі, таму трактар служыў вельмі доўга.

Канешне, спявалі. На пахароны хадзілі мая мама Эмілія, пані Розалія, пані Стэфанія
Хадзілі валоўнікі на Вельканац. Спявалі, частаваліся.

Першы тэлевізар мы глядзелі ў пана Станіслава Шапалоўскага. У нас было радыё «Родина».  Ездзілі на веласіпедах, першы матацыкл (сіні)  з каляскай з’явіўся ў пана Станіслава Шапалоўскага.

Краявіды былі прыгожыя. Беразнячок, пералескі. Ля нашага дома стаяла высокая таполя. Заўсёды па ёй арыентаваліся. Казалі: «Вось Лапінскіх хутар».

Маяк

Рудзі. Маяк. На першым плане пані Лапінская. Фота Ірыны Любінскай


Аб сваёй радзіме расказала
Ірына Любінская


piątek, 23 grudnia 2016, edmuso

Polecane wpisy